:

Аб Дні беларускага пісьменства

21.08.2018 г.

2 верасня 2018 г. у г.Іванава Брэсцкай вобласці будзе адзначацца юбілейны, XXV Дзень беларускага пісьменства. Святочныя мерапрыемствы пройдуць у кантэксце тэматыкі «Мая малая радзіма».
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Упершыню ў 1994 годзе свята праходзіла ў г. Полацку. Затым яго сталіцамі былі Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Полацк (усяго – тройчы), Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў.
Непасрэдна 2 верасня ў г. Іванава на галоўнай сцэне свята ў цэнтральным парку адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця свята, цырымонія ўручэння «Нацыянальнай літаратурнай прэміі», выступленне гасцей свята – артыстаў беларускай эстрады.
Адначасова на прылеглых вуліцах будзе разгорнуты святочны гандаль. Будуць працаваць Фестываль кнігі і прэсы, пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў, дзіцячыя мястэчкі, выставачныя экспазіцыі музеяў і бібліятэк. На працягу ўсяго дня будуць праходзіць выступленні творчых моладзевых калектываў вобласці, прэзентацыі беларускіх выдавецтваў, у тым ліку кніжных праектаў, якія будуць прысвечаны юбілейным датам класікаў літаратуры: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808-1884), Янкі Маўра (1883-1971), Канстанцыі Буйло (1893-1986); Максіма Гарэцкага (1893-1938), Сяргея Грахоўскага (1913-2002), Эдзі Агняцвет (1913-2000), Алеся Бачылы (1918-1983), Мікалая Ткачова (1918-1979) і інш.
Сярод асноўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства:
– «круглы стол» з удзелам замежных паэтаў і пісьменнікаў, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура»;
– навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых устаноў нашай краіны;
– узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», накіраванага на павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых прыкладах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Састаўной часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята.
Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.
За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.

Праграма свята «Дзень беларускага пісьменства»

Версия для печати

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Сайт МИД
Перейти